20 фактаў пра беларускую мову

«Салідарнасць» сабрала два дзясяткі гісторый пра няпросты лёс роднага слова беларусаў.

Помнік літары «Ў» у Полацку. Фота hotimsk.by

1. Беларуская мова адносіцца да групы ўсходнеславянскіх моў разам з расійскай і украінскай. Пераважна распаўсюджана на тэрыторыі Беларусі, а таксама ў памежных рэгіёнах Літвы, Польшчы (мае статус рэгіянальнай), Расіі ды Украіны. Па-беларуску размаўляюць між сабой эмігранты ў ЗША. Канадзе, Аўстраліі ды іншых краінах.

Літаратурная беларуская мова па розных ацэнках налічвае ад 250 да 500 тысяч слоў. Дыялектная мова Беларусі нашмат багацейшая —налічвае 1,5-2 мільёны слоў.

2. Наша мова мае тры алфавіты. Кірылічны пачаў ужывацца ў час існавання старабеларускай мовы — у 14 ст. У нашы дні гэта самы масавы варыянт алфавіту.

Сучасны варыянт беларускай лацінкі ў метро. Фота nn.by

Лацінка ў беларускай мове з’явілася ў 16 ст. Ёй актыўна карысталіся беларускія літаратары 19 ст. Сярод іх — Вінцэнт-Дунін Марцінеквіч, аўтар прарочага звароту да суайчыннікаў «Не забывайце ж мовы нашай роднай, каб не ўмёрлі».

У 2007-м беларускую лацінку ў тапаніміі зацвердзіў Міжнародны камітэт ААН. Лацінцы прысвечаныадмысловы сайт.

Узор кітаба. Фота lingvoforum.net

У 14 ст. на тэрыторыі сённяшняй Беларусі пачалі асядаць татары, захопленыя ў палон у часе ардынскіх набегаў. Вынікам асіміляцыі стала з’яўленне кітабаў — кніг напісаных па-беларуску арабскай вяззю.

3. У беларускай мове выкарыстоўваюцца два правапісы. Закладзены ў 1918-м мовазнаўцам і грамадска-палітычным дзеячам Браніславам Тарашкевічам правапіс на сёння называецца класічным, або «тарашкевіцай». Ад пачатку 90-х ім карысталіся адноўленая газета «Наша Ніва» ды іншыя выданні.

У 1933-м, а таксама ў канцы 1950-х правапіс змянілі ў рамках русіфікацыйных рэформаў. Рэфармаваны правапіс мае нефармальную назву «наркамаўка». Пасля ўступлення ў сілу правапіснага закона 2008-га ён канчаткова замацаваў за сабой статус афіцыйнага правапіса.

Газета «Звязда», 1933 год. На «тарашкевіцы» паведамляе пра русіфікацыйную рэформу

4. У выніку шматгадовага суіснавання беларускай і расійскай мовы з’явілася так званая трасянка. Лічыцца, што гэтая моўная з’ява стала наступствам камунікацыі пераважна беларускамоўнага вясковага насельніцтва з расійскамоўным горадам.

Па меркаванні некаторых даследчыкаў, сталінскія рэпрэсіі паспрыялі пашырэнню трасянкі, бо само ўжыванне роднай мовы магло стаць прычынай для абвінавачвання ў нацдэмаўшчыне.

Прыклад трасянкі ў грамадскім транспарце

5. Скульптурным увасабленнем адметнасці беларускай мовы з’яўляецца помнік літары «Ў» у Полацку (2003 год). Ля падножжа скульптуры выбітыя радкі з верша народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна: «Ад Еўфрасінні, ад Скарыны, ад Полацка пачаўся свет». Аўтар праекту — мастак і дызайнер Ігар Куржалаў.

Сёлета невядомыя вандалы пашкодзілі помнік.

Літару «Ў» у якасці назвы выкарыстоўвае мінская арт-галерэя, а таксама музычны гурт — «У нескладовае».

6. Закон аб мовах, прыняты ў студзені 1990-га Вярхоўным Саветам БCCР, замацаваў за беларускай мовай статус адзінай дзяржаўнай. Расійская прызнавалася мовай міжнацыянальных зносін.

Беларусь была адной з самых русіфікаваных савецкіх рэспублік. Як адзначаў у артыкуле «Моўная палітыка ў Беларусі ў 1990-я гады» ў часопісе «Архэ» мовазнаўца Сяргей Запрудскі, закон 1990-га быў прыняты пасля працяглага перыяду заняпаду беларускай мовы, таму яго трэба разглядаць у межах заканадаўства, арыентаванага на абарону слабейшых моў.

7. У статусе адзінай дзяржаўнай беларуская мова праіснавала да майскага рэферэндума 1995-га, праведзенага па ініцыятыве Лукашэнкі. Расійская мова атрымала статус другой дзяржаўнай, гістарычная сімволіка была замененая на пераробленую савецкую.

Паводле Канстытуцыі-1994 пытанні сімволікі і мовы нельга было выносіць на рэферэндум, але Лукашэнка заявіў парламенту, што бярэ ўсю адказнасць на сябе.

8. Наступствы «раўнапраўя» моваў не прымусілі сябе доўга чакаць. У тым жа 1995-м больш за 100 школаў былі пераведзены на расійскую мову навучання. На сёння колькасць беларускамоўных школьнікаў імкліва змяншаецца, у абласных цэнтрах і буйных гарадах на роднай мове вучацца лічаныя адзінкі школьнікаў. У краіне няма ніводнай вышэйшай навучальнай установы, дзе б вялося навучанне па-беларуску. Гэта адзін з галоўных фактараў, які стрымлівае бацькоў аддаваць дзяцей у беларускамоўныя класы.

9. Згодна дадзеных агульнанацыянальных перапісаў колькасць тых, хто дома размаўляе па-беларуску, няўмольна змяншаецца. Калі ў 1999-м 73,7 % жыхароў Беларусі назвалі беларускую мову роднай, то ў 2009-м ужо 53,2 %. У 1999-м дома па-беларуску размаўлялі 36,7 % апытаных, 2009-м — 23,4 %.

10. Апаненты Лукашэнкі лічаць, што ён з’яўляецца адной з галоўных перашкодаў на шляху паўнавартаснага развіцця мовы тытульнай нацыі. За 20 гадоў бесперапыннага кіравання краінай ён лічаныя разы прамаўляў па-беларуску, пераважна ў часе чарговага прыняцця прысягі ў часе інаўгурацыі.

Часьцей за ўсё Лукашэнка грэбліва выказваецца пра мову, ужываючы яе, каб прынізіць апанентаў. Ён так рэдка выступае па-беларуску, што кожная такая прамова робіцца нагодай для паліталагічных аналізаў.

Скрыншот галоўнай старонкі сайта Радыё Свабода (Казахстан)

З першых гадоў кіравання Лукашэнкі беларуская мова стала сімвалам грамадзянскага супраціву. На ёй пісаліся песні апальных музыкаў і літаратараў.

Пікет у падтрымку беларускай мовы. Фота Сяргея Навумчыка

11. У 1989-м было заснавана Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Фактычна яно выконвае функцыю паўнавартаснага дзяржаўнага інстытута. Адукацыя, юрыдычная абарона, кансультацыі ў пытаннях тэрміналогіі, выдавецкая дзейнасць ды многае іншае.

Песімісты зазначаюць, што само існаванне такой арганізацыі яскрава сведчыць пра незайздросны стан беларускай мовы. Апошнія гады ТБМ найперш займаецца тым, што вяртае мове страчаныя ў выніку рэферэндуму-1995 пазіцыі.

12. Вялікая заслуга ў захаванні і развіцці беларускай мовы ў найважнейшыя для беларусаў часы належыць перыядычнаму друку і электронным СМІ. Згадаем газету «Наша Ніва» пачатку і канца 20 ст., газету «Свабода» 1990-х, часопіс «Архэ», адзіны беларускамоўны тэлеканал «Белсат», радыё «Свабода» ды інш.

13. 21 лютага, у Сусветны дзень роднай мовы беларусы традыцыйна пішуць агульнанацыянальную дыктоўку. Упершыню яна прайшла 23 сакавіка 2008-га, прымеркавалі яе да 90-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі. Адным з ініцыятараў выступіў палітолаг і пісьменнік Уладзімір Падгол.

Магчыма, поспех дыктовак натхніў аўтараў бясплатных курсаў «Мова ці кава», якія збіраюць аншлагі ў Мінску ды іншых гарадах. У сваю чаргу, гэта паспрыяла стварэнню новых курсаў — «Мова нанова».

Фота generation.by

14. Пакуль чыноўнікі ні «дзэ», ні «цэ», вырашэннем моўнага пытання занялася грамадзянская супольнасць і прыватны бізнес. Многія з вас бачылі сацыяльную рэкламу «Смак беларускай мовы» і «Родныя даты». Гэта ўсё праекты кампаніі «Белзнешрэклама», якая тлумачыць сваю ініцыятыву так:

«Беларуская мова мае непараўнальнае зачараванне, сакавітае гучанне, спецыфічны каларыт, гэта сапраўды ўнікальная мова, самая мілагучная пасля італьянскай і самая старажытная сярод славянскіх моў».

Натхнёная поспехам першых акцый, кампанія зладзіла сумесна з прадстаўніцтвам Samsung у Беларусі новы праект «Багацце-Смак-Прыгажосць беларускай мовы».

Фота nn.by

15. Сёлета ў Беларусі ў пяты раз прайшоў штогадовы фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыіAD.NAK!

Арганізатары фэсту ставяць перад сабой задачу звярнуць увагу прафесійных удзельнікаў рэкламнага рынку, а таксама простых беларусаў да рэкламы, выкананай па-беларуску.

Адзначым, што многія сусветныя і еўрапейскія вытворцы не адзін год рэкламуюць сваю прадукцыю па-беларуску. Samsung, Bosch, Ceresit — спіс далёка не поўны.

Фота odsgomel.org

16. Лідар кампаніі «Справаводства па-беларуску!» Ігар Случак не першы год вядзе ліставанне з дзяржаўнымі і прыватнымі арганізацыямі. Адна з мэтаў кампаніі — укараненне ў Беларусі справаводства па-беларуску. Случака добра ведаюць у футбольных і хакейных клубах краіны, куды ён даслаў прапановы па беларусізацыі жыццядзейнасці камандаў.

Валанцёры кампаніі «Справаводства па-беларуску!» высветлілі, на якой мове чыноўнікі даюць адказы на афіцыйныя запыты

17.Шэраг беларускіх спартоўцаў ламаюць стэрэатып пра тое, што мова цікавая адно людзям культуры ды апазіцыянерам. Футбаліст Віталь Радзівонаў, напрыклад, лічыць, што размаўляць па-беларуску становіцца модна.

Ці не найбольш прыхільнікаў роднай мовы сярод беларускіх тайбаксёраў. Віталь Гуркоў, Дзмітры Валент,Юры Булат — гэтыя хлопцы не толькі размаўляюць па-беларуску, але і заклікаюць рабіць тое ж сваіх суайчыннікаў.

Вядомая пазітыўнымі выказваннямі пра мову і лёгкаатлетка Аліна Талай.

Не адстаюць ад спартоўцаў і многія футбольныя заўзятары, што ўпрыгожваюць трыбуны беларускамоўнымі банэрамі.

Байцоўскі клуб «Патрыёт» запусціў href=»http://www.gazetaby.com/index.php?sn_nid=76727 «> першы беларускамоўны спартыўны сайт

18. Прыкладам павагі да беларускай мовы для многіх беларусаў служаць паслы замежных краін, якія актыўна выкарыстоўваць яе у публічнай сферы. Адным з першых па-беларуску загаварыў пасол ЗШАДжордж Крол. Яго ініцыятыву падхапілі шведскі пасол Стэфан Эрыксан, літоўскі — Эдмінас Багдонасды іншыя. Гэтыя замежныя дыпламаты натхнілі на вывучэнне роднай мовы многіх беларусаў.

19. Наша мова шырока прадстаўленая ў Сеціве і ў мабільных дадатках.

Венгерскі матэматык і лінгвіст Андраш Корнай апублікаваў у 2013-м навуковую працу «Лічбавая смерць моў». Ён вывучаў сусветныя мовы, якія знаходзяцца пад пагрозай вымірання ў інтэрнэце і ў электронных прыладах. Беларуская мова апынулася ў ліку бясспрэчна жывых.

20. Старшыня ТБМ Алег Трусаў у пытаннях перспектываў развіцця мовы дэманструе стрыманы аптымізм. Ён упэўнены: моўнае пытанне на 90% знаходзіцца ў залежнасці ад палітычнай сітуацыі:

— Кардынальна стан мовы зменіцца, калі на ёй загаворыць улада — пачынаючы з прэзідэнта. Тады за 2-3 гады мы прыйдзем да сапраўднага раўнапраўнага дзвюхмоўя. А яшчэ праз год дзесяць — гэта сярэдні тэрмін навучання ў школе — мова запануе канчаткова. Беларусы размаўляюць на мове начальства.

 

Салідарнасць