2 Лютага 2012


Маразы: прагноз пагоршаў

Сёння ўначы слупок тэрмометра апусціўся яшчэ на пару пунктаў. На жаль, сіноптыкі пагоршылі прагноз на пятніцу і суботу.

Пятніца і субота могуць стаць самымі халоднымі днямі гэтай зімы. У Мінску і цэнтры тэмпература апусціцца да мінус 26, а ў суботу да мінус 30. У Віцебску і на поўначы — да мінус 28, а ў суботу да мінус 32. А ў Магілёве і на ўсходзе — нават да мінус 34 градусаў!

У Гродне да мінус 30. А ў Берасце можна ехаць грэцца: там абяцаюць «усяго» мінус 26.

Такія марозы ствараюць надзвычайную сітуацыю: пры мінус 30 можа не заводзіцца аўтатранспарт, могуць вымярзаць сады і кветнікі.

Учора Міністэрства аховы здароўя рэкамендавала спыніць заняткі ў тых школах, дзе дзецям далёка дабірацца. У садках дзяцей перасталі выводзіць на прагулкі.

Лютаўскія маразы апанавалі не толькі Беларусь, а цэлую Еўропу. Гэта арктычны антыцыклон споўз і затрымаўся над нашым кантынентам.

Украіна прыпыніла экспарт электраэнэргіі ў Беларусь: лютыя маразы прывялі да рэзкага росту спажывання электрычнасці ў нашых суседзяў.

На шчасце, вялікіх збояў у падачы цяпла і энэргіі пакуль нідзе не фіксуецца. Камунальная гаспадарка пакуль выдатна вытрымлівае экстрэмальныя ўмовы працы.

Пры моцным марозе малым дзецям няможна гуляць больш за 10—20 хвілін.

Трэба расціраць ім нос і шчокі, каб не было абмаражэння.

Вопратка мусіць быць шматслойнай і свабоднай, каб між слаямі трымалася цёплае паветра. Найлепш саграе цёплае піццё, але не варта піць гарачае перад выхадам на двор, каб не распарыцца.

Самая частая праблема з аўтамабілямі ў мароз — разрадка акумулятара.

Аднак і летняе дызпаліва, і зношаныя свечы запальвання, і неадпаведная тэмпературам аліва таксама могуць стаць прычынай праблемаў як у бензінавых, так і дызельных аўтамабілях. Варта ведаць, што пры такіх нізкіх тэмпературах знос рухавіка максімальны. Таму паездкі варта абмежаваць не толькі з меркаванняў бяспекі, але і дзеля эканоміі.

Існуе пагроза жыццю бяздомных грамадзян, а таксама тых вяскоўцаў, хто жыве ў халодных хатах.

У розных краінах Усходняй Еўропы замёрла 71 асоба. Па Беларусі такіх звестак няма: ахвяры ёсць і ў нас, але асобны ўлік у нашай краіне не вядзецца.

Наша Ніва


Катэгорыя: Навіны Беларусі



Пакінуць адказ

Switch to our mobile site