10 Чэрвеня 2011


НІСЭПД: У краіне фармуецца антылукашэнкаўская большасць

Большасць беларусаў не вераць у афіцыйную версію тэракта і лічаць улады вінаватымі ў валютным крызісе.

Пра гэта сведчаць вынікі апытання, праведзенага Нацыянальным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (Літва) 10–20 мая, яшчэ перад афіцыйнай дэвальвацыяй рубля.

50,6% апытаных заявіла, што праблемы з валютай — вынік няправільнай эканамічнай палітыкі ўладаў.

Пры гэтым 26% бачаць прычыну праблем у сусветным эканамічным крызісе, а 13% бачаць у гэтым вынік дзейнасці сілаў, варожых Беларусі.

Трэба адзначыць, што за рынкавыя рэформы выказаліся 66,6% апытаных — гэта рэкордны высокі паказчык за ўсе гады апытанняў.

Знізіўся давер да ўладаў і па ўсіх іншых кірунках. Гэтак,

54% апытаных не верыць у афіцыйную версію тэракта ў мінскім метро 11 красавіка.

Давярае афіцыйнай версіі пра тэрарыста-адзіночку толькі 29% апытаных.

28% апытаных лічыць асуджаных за Плошчу «зусім не вінаватымі», яшчэ 25% — вінаватымі, але нязначна.

Пры гэтым толькі 7% заявілі, што прысуды ім «занадта мяккія», а 25% — што прысуды адпавядаюць віне.

Як паведамляе сайт Інстытута, было апытана 1511 чалавек, памылка рэпрэзентатыўнасці можа складаць 3%.

З апытанняў НІСЭПД вынікае, што ў 2011 годзе ў краіне фармуецца «антылукашэнкаўская большасць». 50–55% апытаных па розных тэмах трымаюцца пазіцый, крытычных да ўлады. І прыкладна 30–35% па-ранейшаму ўладзе давяраюць.

Фота і матэрыял: Наша Ніва




Пакінуць адказ

Switch to our mobile site