Набор слухачоў на курс “Інтэграцыйныя працэсы ды інстытуцыі Эўрапейскага зьвязу”
| 11 Лістапада 2010 | ||
| 17:00 | да | 20:00 |
Алесь Лагвінец у супрацоўніцтве з Беларускім Калегіюмам і Таварыствам Беларускае мовы абвяшчае набор слухачоў на курс “Інтэграцыйныя працэсы ды інстытуцыі Эўрапейскага зьвязу”.
Мэта курсу — прадставіць дэталёвую карціну палітычных працэсаў і асноўных палітыкаў Эўразьвязу, паказаць асноўныя мадэлі і этапы эвалюцыі ЭЗ, разьвіць у слухачоў навыкі аналізу эўрапейскіх інтэграцыйных працэсаў.
У рамках курсу адбываюцца дэбаты і абмеркаваньні актуальных пытаньняў эўраінтэграцыі з запрашэньнем беларускіх і замежных экспэртаў, а таксама эўрапейскіх дыпляматаў.
Курс прызначаны для студэнтаў (палітолягаў, праўнікаў, журналістаў) менскіх ВНУ, маладых спэцыялістаў і ўсіх зацікаўленых паглыбленым вывучэньнем эўрапейскай інтэграцыі. Існуе таксама магчымасьць дыстанцыйнага навучаньня.
Курс складаецца з 17 заняткаў. Слухачы курсу маюць магчымасьць браць удзел у праграмах абмену, якія рэалізуецца супольна з эўрапейскімі адукацыйнымі ўстановамі, у прыватнасьці Каледжам Эўропы (Наталін, Польшча).
Мова выкладаньня курсу – беларуская. Для вывучэньня ўсіх матэрыялаў курсу веданьне ангельскае мовы вельмі пажаданае, але не абавязковае.
Арганізацыйнае спатканьне адбудзецца ў чацьверак 11 лістапада 20010г. а 17.00 на сядзібе Таварыства беларускай мовы (вул. Румянцава, 13).
Распаўсюд дадзенае інфармацыі сярод зацікаўленых асобаў, а таксама на сайтах і блёгах толькі вітаецца.
Дадатковая інфармацыя
+375296061034 a @ lahviniec.org
Сьціслы плян курсу.
Тэарэтычнае асэнсаваньне эўрапейскае інтэграцыі
Эўрапейскай інтэграцыя як прадмет дасьледаваньняў. Навошта і дзеля чаго тэарэтызаваць інтэграцыю. Дэфініцыя інтэграцыі. Мэты інтэграцыі.
Фэдэралізм. Функцыяналізм ды нэа-функцыяналізм. Трансакцыянізм. Узаемазалежнасьць. Рэалізм. Міжурадавае супрацоўніцтва. Інстытуцыяналізм.
Функцыянаваньне палітычнае сыстэмы Эўразьвязу: акторы ды інстытуцыі.
Эўразьвяз як палітычная сыстэма. Інстытуцыйны лад ЭЗ: Камісія, Эўрапейская Рада, Рада ЭЗ, Эўрапейскі Парлямэнт, Эўрапейскі Суд.
Працэс прыняцьця рашэньняў у ЭЗ. Субнацыянальныя, нацыянальныя ды наднацыянальныя акторы.
Абсяг ды сфэры кампэтэнцыі ЭЗ. Права, бюджэт ды фармаваньне супольнасьцёвых палітык.
Крыніцы супольнасьцёвага права ЭЗ. Кампэтэнцыя ЭЗ. Стасунак нацыянальнага ды супольнасьцёвага права.
Супольнасьцёвы бюджэт і фінансаваньне палітык ЭЗ.
Эканамічны ды грашовы зьвяз у межах ЭЗ. Этапы эканамічнае інтэграцыі. Эўра і ЦЭБ.
Асноўныя сфэры палітыкі ЭЗ. Супольная сельскагаспадарчая палітыка, рэгіянальная палітыка.
Эўразьвяз у сусьветнай палітыцы.
Эўразьвяз як глябальны актор. Супольная гандлёвая палітыка.
Эўразьвяз як soft power. Палітычнае супрацоўніцтва ўнутры ЭЗ, супольная замежная палістка. Пашырэньне як прыклад самага пасьпяховага вонкавага дзеяньня.
Эўразьвяз ды Беларусь: гісторыя дачыненьняў ды мадэлі будучага ўзаемадзеяньня.
Сучасны дэбат аб будучыні ЭЗ.
Эўразьвяз і дэмакратыя. Пытаньне эўрапейскае саматоеснасьці. Мадэлі і шляхі далейшага разьвіцьця эўрапейскае інтэграцыі.









