Дзівак, да якога валам валяць людзі не толькі з Мінска, але і з Літвы, Польшчы, Расіі, Вялікабрытаніі…
У неперспектыўную вёску не загоніш колам не тое што гарадскога чалавека, але і месціча — з Шыпянаў там ці з Алесіна. А тут раптам знайшоўся дзівак, ды не які-небудзь прыблуда-бомж, а спраўны мужчына, які наважыўся атабарыцца ў Заброддзі. Пакінуў сталіцу, купіў пляц зямлі, пачаў будавацца…
Сяргей не дужа ахвочы распавядаць пра асабістае. Абмежаваўся па-анкетнаму сцісла: карэнны мінчанін, базавая адукацыя юрыдычная, дзеці дарослыя. Тутэйшыя мясціны ўпадабаў з тае пары, як па размеркаванні трапіў у Смалявічы. Дзяржслужба не прынесла ні радасці, ні духоўнага наталення, ні шчасця. Душа імкнулася да нечага зусім іншага. У рэшце рэшт кінуў усё і рассупоніў ветразь свайго карабля: няхай вятрыска напоўніць яго сэнсам, надасць размеранай хадзе імклівасць, прынясе сапраўдную радасць быцця!
Прыкладна гэтак думалася Сяргею, калі пачынаў сваю прыватніцкую справу. Ужо не маладзён, але з душою летуценніка, ён выдатна разумеў: бярэцца за няпростую справу, перагортвае старонку жыцця. І наступны аркуш — крок у малазведанае. Падахвочвала хіба што вера ў свае сілы ды прага да перамен. “Яшчэ мусіць тое, — прызнаецца ён, — што над усім дамінавала прыцягненне прыродай. — Тут усё люба: восеньскае шапаценне чароту ў затоцы; бязважкае кружэнне белых сняжынак, што сядаюць на стрэхі хат; ціхая вада ў рэчцы, якая — нібы маці дачцэ — расчэсвае зялёныя коскі водараслей… Прырода ва ўсіх праявах сваіх заўсёды кранала мяне да самага донца. А ў цяжкія моманты прыводзіла душу ў раўнавагу. Мо таму і шукаў любой зручнасці, абы пакінуць той ненавісны офіс і хутчэй апынуцца сам-на-сам з прыродай. Дзе-небудзь у глухамані, сярод дубраў, паплавоў, на азёрах, там, дзе меней людзей і дзе болей чысціні, цішыні і спакою. Гэта, паверце, не толькі мая прыхамаць. Усё больш гарадскіх людзей, затузаных стрэсамі, шукаюць паратунку пад крылом матухны-прыроды. То чаму не пайсці ім насустрач, не арганізаваць прытулак сярод такога хараства?.. А хараство, дзякаваць Богу, пакуль не прычэсана, не затаптана, не агаломшана цывілізацыяй, якая напірае адусюль. Вось так спакваля выношвалася ідэя стварыць аграэкасядзібу. Для сябе і для людзей…
Двухпавярховы дамок праектаваў сам. “Задумка была простая і ясная, — кажа Сяргей, — сядзіба павінна цалкам пасаваць да прыроднага асяроддзя, да мясцовага ландшафту. Дом толькі з натуральных матэрыялаў, цалкам драўляны. Ніякіх табе пластыкаў, электрычных камінаў і гіпсакартонаў! Чаму? Экалагічны складнік для мяне перадусім, бо прадыктаваны задумай жыць самому, гэтаксама як і тым, хто надумае тут правесці час у суладдзі з прыродай. І потым, мне даспадобы вясковы лад жыцця, дзе ўсё проста і натуральна. Вада з калодзежа, печ у хаце, лазня на дрывах…
— У цябе ўсё неяк наадварот: людзі імкнуцца да камфорту, да набыткаў цывілізацыі, а вы прапаноўваеце (каб жа толькі сабе!..) ледзь не спартанскі адпачынак… Ці не адаб’ецца такая супярэчнасць на даходнасці прадпрыемства? Бізнес жа павінен прыносіць ну хоць нейкі прыбытак…
— Распрацоўваючы свой праект шэсць гадоў таму, меўся паклапаціцца, канечне, і аб прыбытку. Але, па-першае, не было ў планах на экалагічным, турыстычным бізнесе выціснуць “доўгі рубель”. Такое па-просту немагчыма, як бы ты ні стараўся. Асабліва ў нас, у Беларусі. Па-другое, маё жыццёвае крэда, калі хочаце, жыццёвы прынцып: разумная дастатковасць ва ўсім. З цяжкасцю ўспрымаю людзей, у якіх па тры аўтамабілі, ці там яхты, і па дзесяць дамоў. Нерухомасць пустуе, а шыкоўныя лодкі месяцамі боўтаюцца ля прычальнай сценкі… Думаеце, такое толькі на “разбэшчаным” Захадзе? І ў нас досыць “паспяховых” людзей, якім багацце засціць усё. Не ўпэўнены, што цяперашнія нуворышы шчаслівейшыя за тых, хто, напрыклад, прыязджае на мой “хутар”… Кажу шчыра, бо мая “звышзадачка” простая як ровар: стварыць для сябе працоўнае месца, якое б прыносіла нейкі дастатак, нармальны, здаровы лад жыцця. Каб не панавала і блізка прыдуркаватых начальнікаў з іх незлічонымі цыркулярамі і ўказілаўкамі, каб на душы было спакойна і светла…
— Атрымалася?
— У немалой ступені так, атрымалася. Нават на этапе праектавання сялібы не пакідала ціхая радасць. А як будоўля была скончана, то праз інтэрнет, наша беларускае грамадскае аб’яднанне “Адпачынак у вёсцы” пачаў даваць абвесткі, рэкламаваць свой мядзведжы куток… Напачатку наведваліся паляўнічыя, рыбаловы. Ім тут раздолле, бо хапае і балот, і вадаёмаў, і лясных угоддзяў. А пасля пацягнуліся турысты, закаханыя парачкі, сем’і з дзецьмі, карпаратыўныя кампаніі… Прычым і зімою і ўлетку. Адны затрымліваліся на пару дзён-начэй, іншыя на тыдзень, два…
— Цікава, а як людзі бавяць час? У вас жа не толькі пасіўны, так бы мовіць, адпачынак, але і комплекс пэўных паслуг, скіраваных на турызм, рыбалку, спартыўныя гульні…
— Па-рознаму адпачывае народ. Для большасці самае галоўнае — прырода. Вы ж бачыце, якая прыгажосць. Нехта яшчэ да пеўняў на Ушы рыбачыць, ці там купаецца ў рачной прахалодзе, нехта ў лес па ягады, і таксама да сонца , а іншыя, бывае, спяць да паўдня. Санаторнага рэжыму тут няма і блізка.
Зразумела, ёсць у мяне і вуды, і лодкі, і канькі, і лыжы, і тэнісныя прычындалы, і розны іншы інвентар. Хочаш застолле на палянцы — ёсць шацёр; хочаш вячэру з шашлыкамі — мангалы і ўсё астатняе пад рукамі; жадаеш папарыцца ў лазні — не праблема, яна за дваццаць крокаў ад вады, між іншым… Многія ўзімку — як добра напарацца — то качаюцца ў снезе, альбо нават у палонку акунаюцца. Альбо на возеры — яно проста перад вокнамі дома — шайбу ганяюць. Гляджу на ўсё гэта і не нарадуюся, бо людзям добра, яны быццам тыя дзеці — адкрытыя, разняволеныя, вясёлыя. Ніякі лядовы палац гэтулькі здаровых эмоцый не падорыць, бо там сцены, гармідар, чэргі, а тут — белы снег, мароз, прастор і неба над галавой.
— Сяргей, адпачынак у вёсцы — цудоўная рэч для гараджаніна. А якія стасункі з месцічамі? Можа, пазіраюць як на дзівака ці як на “кулака”?..
— Ды не, адносіны прыязныя. Асабліва з суседзямі. Старыя людзі, старыя хаткі, вымірае вёска… На сорак двароў — дзве кароўкі, ды і тыя ў аднаго гаспадара. Але як трэба, то можна і малачка купіць, і смятанкі, а ў іншых яйкі, гародніну. Стараюся і я аддзячваць чым магу: некага ў раён падкіну, некаму лекі прывязу, дарогу параўняю, снег прыбяру. Ладзім, словам.
— А з якіх гарадоў прыязджаюць людзі ў твой мядзведжы кут?
— Не тое што з гарадоў — з розных краін дапіраюць. З Літвы, з Польшчы, з Расіі. А мінулай зімой прыехалі два хлопцы з Вялікабрытаніі. Папраўдзе, я быў моцна здзіўлены. Хаця, калі ўдумацца, інтэрнет жа сёння паверх усіх межаў. Дык вось, думаю сабе, і што яны тут упадабалі? Ці мо ад няма чаго рабіць, то і валэндаюцца па свеце. Аказалася не, прыстойныя маладыя людзі, адукаваныя, выхаваныя. Проста, як высветлілася, любяць падарожнічаць, але не па працярэбленых турыстычных сцежках, а па малавядомых, дзе еўрапейцы бываюць зрэдзь. Да таго ж яны літаральна памешаны на ўсходнеславянскай культуры і гісторыі. А наша прырода іх прывяла ў невыказнае захапленне, усё ім тут было міла. Аматары разумнага экстрыму, тым не менш да глыбіні душы былі ўзрушаны тым, як жывуць нашы старыя, пенсіянеры. Аднойчы, зусім выпадкова, прыйшлося Сціву і Дэну наведаць у суседнім двары надворны туалет. Канечне, былі ў шоку: спачатку доўга рагаталі, потым выпытвалі, ці паўсюль на вёсцы так. Прыйшлося чытаць цэлую лекцыю пра нашы традыцыі, неразвітасць каналізацыйнай сістэмы, аддаленасць мясцовасці ад горада. Мяркуючы па рэакцыі, “лекцыя” падалася ім малазразумелай, а довады непераканаўчымі, бо пры ўпамінанні слова “туалет” на іхніх тварах зноў і зноў з’яўлялася ўсмешка…
Ну а калі сур’ёзна, то многіх еўрапейцаў, асабліва з ліку тых, што не выносяць гарачыні, курортнага тлуму, наш край прываблівае ўсё больш і больш. Чаму? Не толькі таму, што адпачынак танны. Галоўная фішка — беларуская прырода, асабліва на перыферыі. Малакранутая чалавекам, месцамі першародная, багатая і даступная, тая, да якой мы прызвычаіліся і якую часам зусім не цэнім. Тыя ж Сціў і Дэн былі агаломшаны, калі побач з жытлом, за якія дзвесце крокаў, сустрэлі ў затоцы бабрыную сям’ю, а пасля напаткалі выдру, у суседняй дубраве сутыкнуліся з цэлым вывадкам дзікіх вепручкоў. Нездарма запэўнівалі — вернуцца сюды абавязкова…
Шчыра кажучы, і мне здалося ўсё тут мілым і прыгожым: сяліба, альтанка, возера, рэчка… Але бадай найбольшае ўражанне ад гаспадара сялібы, чалавека, які знайшоў у мядзведжым куце тое, да чаго імкнуўся — душэўную гармонію, цішыню, ласку прыроды. Ён хоць і ўладар гэтай мясціны, але не ўласнік, бо хіба можна завалодаць тым, што належыць усім?..
Аўтар: Георгій ЧЫГІР









