Пахвала Пану Вiленскаму, Старасту Луцкаму i Брацлаускаму, Маршалку Валынскае зямлi, Вялiкаму ваяводу, Слаунаму ды Вялiкаразумнаму гетману, князю Канстанцiну Iванавiчу Астрожскаму
У год 7023 (1514), 2 індыкта, месяца жніўня першага дня вялікі князь маскоўскі Васіль Іванавіч, маючы ненажэрную ўтробу ліхвяра, пераступіўшы дамову і крыжацалаванне, з меншага на большае зло падаўся і пачаў здабываць некаторыя гарады, бацькаўшчыну і дзедаву спадчыну вялікага ды слаўнага гаспадара Жыгімонта, караля польскага і вялікага князя літоўскага, рускага, прускага, жамойцкага ды іншых. І ўзяў Васіль Іванавіч вялікі слаўны горад Смаленск, бо няма горшага для чалавека, як прагнуць чужое маетнасці, як ціхмянаму і лагодліваму нялітасціва і нядобра чыніць. Гэты вялікаслаўны кароль Жыгімонт сваё слова, дадзенае князю маскоўскаму, трымаў непарушна і неадступна ўва ўсім, але бачачы яго вераломства і хочучы бараніць сваю бацькаўшчыну, Літоўскую зямлю, узяўшы Бога на дапамогу і сваю праўду чуючы, са сваімі князямі ды панамі і з харобрымі і выдатнымі віцязямі са свайго каралеўскага двара пайшоў супраць Васіля Іванавіча, памянуўшы слова прарочае, што Госпад ганарыстым не спрыяе, а пакорлівым міласць і дапамогу пасылае. І, прыйшоўшы, стаў у Барысаве на вялікай рацэ Бярэзіне насупраць свайго непрыяцеля, вялікага князя маскоўскага, і адправіў свайго вялікага ваяводу, слаўнага ды вялікаразумнага гетмана князя Канстанціна Іванавіча Астрожскага, пана віленскага, старасту луцкага, брацлаўскага ды іншых, маршалка Валынскае зямлі, з некаторымі магнатамі, князямі ды раднымі панамі сваімі і з выдатнымі ды харобрымі воямі літоўскімі і рускімі са свайго двара.
А ў той час прыехалі да вялікага караля Жыгімонта на дапамогу ляшскія паны і дваране славутыя, рыцары Кароны Польскае і ўсе супольна, узяўшы Бога на дапамогу і ўзброіўшыся наказам гаспадара свайго караля Жыгімонта, дзёрзка рушылі супраць вялікага мноства людзей князя маскоўскага. Калі ж тыя, будучы ў той час на друцкіх палях, пачулі пра сілу літоўскую, то адступілі за вялікую раку Дняпро.
Узгадайма слова вялікага Ніфанта, які піша да верных хрысціянаў: «Таямніцу цараву захоўваць належыць», інакш кажучы: гаспадарову справу патаемную не гожа ўсім раскрываць, але аб учынках і мужнасці добрага ды смелага чалавека гожа ўсім абвяшчаці, каб потым іншыя гэтаму вучыліся і смеласць мелі. Так і ў наш час надарылася нам бачыць такога добрага ды смелага стратылата — князя Канстанціна Іванавіча Астрожскага, найвышэйшага гетмана літоўскага.
Спачатку з Божаю дапамогаю, па загадзе і наказе гаспадара свайго, вялікага караля Жыгімонта, зрабіў неабходную свайму войску падрыхтоўку, па-братэрску любоўна і клапатліва яго аб’яднаў і пашыхтаваў. І як прыйшоў ён, слаўны ды вялікі гетман князь Канстанцін Іванавіч, да ракі Дняпра, пад Воршу, горад каменны, і пабачыў, што нялёгка будзе перайсці шлях водны, то як багабоязны муж і спраўца ваенны прымчаўся да царквы жыватворчае Тройцы і да вялікага цудадзейцы Хрыстовага святога Міколы і, упаўшы на калені, памаліўся Богу. А прыгадайма ўчынкі і смеласць мужнага Антыёха, вялікага гетмана цара Аляксандра Македонскага, які войску персідскаму раку Арсінар перайсці загадаў, дзе першы воін сквасіўся, а астатні як пасуху перайшоў. Так і князь Канстанцін пярэднім людзям плысці загадаў, а астатнія ўжо як па бродзе перайшлі. І так спешна на вялікім полі Аршанскім насупраць маскоўцаў пашыхаваліся.
О, вялікія і выдатныя віцязі літоўскія, прыпадобніліся вы сваёю мужнасцю харобраю да македонцаў, справаю і навукаю князя Канстанціна Іванавіча, другога Антыёха, гетмана войска македонскага. І паказаў сябе князь Канстанцін адважным рыцарам і верным слугою свайго гаспадара разам са шматмагутнымі воямі літоўскімі, якія, не шкадуючы сябе, памкнуліся на вялікую сілу варожую, і ўдарылі, і мноства людзей з войска маскоўскага пабілі, і восемдзесят тысяч усмерцілі, а іншых жывымі ў палон узялі: найвышэйшага ваяводу і гетмана маскоўскага войска князя Міхаіла Іванавіча Булгакава Голіцу, брата ягонага князя Дзімітрыя, Івана Андрэевіча Чалядніна, князя Івана Дзімітрыевіча Пронскага, Дзімітрыя Васільевіча Кітаева, Данілу Андрэевіча Плешчава, Івана ды Ўладзіміра Сямёнавічаў, князя Барыса Рамаданаўскага, князя Івана Сямёнавіча Старадубскага, князя Пятра Пуцяцкага, князя Сямёна Янавіча ды іншых, чые імёны тут не ўпісаныя, бо не змесцяцца.
Так сваёй вернаю службаю свайму гаспадару, вялікаму каралю Жыгімонту, радасць прынёс, а сама галоўнае — царкву Божую хрысціянскую і многіх мужчын і жанчын ад маскоўскага гвалту абараніў. Тут спраўдзілася слова святога айца Яфрэма: «Моцны знямогся, а здаровы расхварэўся, а радасны заплакаў, а заможны страціў». Як мне, грэшнаму, бачыцца, цяпер усё тое сталася з вялікім князем маскоўскім Васілём.
Успомнім слова Ісаі, сына Амосавага, што прарочыў пра апошнія дні, азарыўшыся духам святым, кажучы так: «За памнажэнне злосці людзей і многія іх няпраўды кроў іхняя пральецца моцным патокам, харобрыя і ганарлівыя ад мечаў загінуць, адзін справядлівы ратнік пагоніць несправядлівых сто, а ад ста пабяжыць тысяча, і целы іх будуць на з’ядзенне звярам, і косці іх на агляд усяму жывому».
Цяпер жа тым прароцтвам адарыў Бог князя Канстанціна Іванавіча, найвышэйшага гетмана літоўскага, што ягоным кіраўніцтвам ды падрыхтоўкаю войска, яго смелага сэрца і рукі сягненнем — людзей князя маскоўскага пабілі, і целы тых забітых звяры і птушкі ядуць, косткі па зямлі валочачы, а патопленых у водах рыбы клююць.
О, прачэсная мудрая галава, як цябе назваць ды ўсхваліць?! Беднасцю мовы маёй і слабасцю розуму майго не магу дамысліцца, якую славу і пашану ўзнесці справе тваёй чыннасці: мужнасць твая роўная мужнасці цара індыйскага Пора, якому многія цары ды князі супрацівіцца не маглі. Ягоныя ж справы і слава твар тваёй велічы паказваюць. Гэтак жа міласцю Божаю і шчасцем вялікаслаўнага гаспадара Жыгімонта, караля і вялікага князя, вы справаю рук сваіх такому моцнаму пану, вялікаму князю маскоўскаму, адпор далі, і з харобрымі рыцарамі, выдатнымі віцязямі, з князямі, ды з панамі, ды з дваранамі гаспадарскімі Вялікага Княства Літоўскага і Рускага, разам з вялікаслаўнымі і шляхотнымі рыцарамі, панамі-палякамі, з усімі тваімі добрымі ды вернымі як адзін памочнікамі паказалі вы мужнасць добрых вояў, і шмат замкаў дзяржаўных ды местаў слаўных Вялікага Княства Літоўскага вы супакоілі. За тое ты, вялікаслаўны гетмане, варты вялікага і высокага ўшанавання ад свайго гаспадара. Роўныя вы вялікім харобрым рыцарам горада слаўнага Родаса, якія сваёй мужнасцю шмат замкаў хрысціянскіх ад паганскіх рук убаранілі. Вашай мужнаю стойкасцю супраць такога моцнага пана заслужыў ты славу і пашану, гэтаю паслугаю гаспадару свайму, вялікаму каралю Жыгімонту, радасць прынёс. За такі ўчынак варты ты не тое што ў тутэйшых вялікіх гарадах дзяржаўных панаваць, але і самім Божым горадам Ерусалімам валодаць. Моц тваёй мужнасці ад усходу да захаду чутная будзе, ты не аднаму сабе, але і ўсяму Княству Літоўскаму вялікасць славы ды мужнасці ўчыніў. Яшчэ дадам пра тваю смеласць і адвагу: прыпадобніўся ты да сына Раваава Авія, што ваяваў з дзесяццю каленамі ізраілевымі і выбіў у іх за адзін дзень пяцьсот тысяч сама моцных людзей. І ты ягонае справы спадкаемцам стаў: не за адзін дзень, але за тры гадзіны восемдзесят тысяч маскоўцаў пабіў. Таксама мужнасцю і харобрасцю падобны ты да Тыграніса, цара армянскага, пра якога мудры філосаф Фрол Лівійскі піша: «Прыйшоў Тыграніc, цар армянскі, і біўся з Антыёхам, і перамог войска ягонае, і яго самога з горада выгнаў. Тады ж уцёк Антыёх у Персію». Так і ты, галава сумленная і вельмі мудрая, учыніў бітву з вялікім князем маскоўскім Васілём і пабіў ягоных людзей і самога яго з горада Смаленска выгнаў. І вялікі князь Васіль ад цябе ўцёк у Маскоўскую старану, у свае ўсходнія гарады, а з сабою і ўладыку смаленскага Варсанофія звёў з Смаленска ў Маскву. Князь жа Канстанцін, быўшы пад Смаленскам і адтуль вяртаючыся, узяў тыя гарады, што ўжо служылі вялікаму князю маскоўскаму: Амсціслаў, Крычаў, Дуброўну, і загадаў ім па-ранейшаму служыць Вялікаму Княству Літоўскаму, а сам падаўся ў Літоўскую зямлю да гаспадара свайго, вялікага караля Жыгімонта.
Пачуўшы, што прыехаў князь Астрожскі з усімі сваімі воямі літоўскімі і рускімі, выдатнымі віцязямі, кароль прыняў іх з вялікаю пашанаю ў сваім сталічным горадзе Вільні 3 снежня, у дзень святога прарока Сафонія. Няхай будзе гонар і слава на векі вечныя вялікаслаўнаму гаспадару, каралю Жыгімонту Казімеравічу, які адолеў супраціўніка свайго — вялікага князя маскоўскага Васіля, а гетману яго выдатнаму, князю Канстанціну Іванавічу Астрожскаму, дай Божа, здароўя і шчасця большага, як цяпер. Пабіў ён вялікую сілу маскоўскую, каб так яму біць моцную раць татарскую, праліваючы кроў іх басурманскую.
Крыніца:
Беларускія летапісы і кронікі.
Менск, МФ «Беларускі кнігазбор», 1997.
ISBN 985-6318-15-7
http://gelfrad.narod.ru/Library/Chroniks/pahvala.html









