21 Студзеня 2010


Да 550-годдзя Канстанціна Астрожскага (1460-1530)

kastrojski_hpХто прыгадае, калі на Беларусі адзначалі хоць якую гадавіну бітвы пад Воршай? Эўрапейскія народы шануюць памяць не толькі аб перамогах, але і аб нацыянальных трагедыях. Палякі, прыкладам, памятаюць і Грунвальд, і Легніцу, французы — і Марыньяну, і Павію, шведы — і Нарву, і Палтаву, чэхі — і Віткаву Гару, і Белую… У кожнага ёсць свой гонар і свой боль, свая слава і свая ж няслава. А што мы, беларусы?

Пра дзень 8 верасня 1514 года — дзень абароны суверэнітэту краіны — ведаюць, баюся, адзінкі. І адзначаць яго пачалі, здаецца, толькі ў 1990 годзе дый то вузкім колам, калі менская ды аршанская моладзь паставіла ў дзень слаўнае перамогі вялікі шасціканцовы крыж на месцы пабаявішча. А яшчэ менш вядомы шырокай грамадскасці творца той велікапышнай перамогі — князь Канстанцін Іванавіч Астрожскі.

180px-Konstanty_Iwanowicz_OstrogskiГляньма ў энцыклапедыі, падручнікі, папулярныя кніжкі. У БелСЭ сцісла апавядаецца пра род Астрожскіх наагул, і Канстанцін Іванавіч узгадваецца там між іншых[1]. Як «военачальнік», гетман, кашталян віленскі, ваявода троцкі, радца Рады Вялікага Княства Літоўскага, які «ўзначальваў паспяховыя паходы на крымскіх татараў» і перамог больш як у 60 бітвах… Большага чытач у беларускай гістарычнай літаратуры, бадай, не знойдзе.

Дзіўна, але яшчэ менш напісана пра яго ў сучасных украінскіх энцыклапедыях, прыкладам «Украинской Советской Энциклопедии» ды «Радяньскої енціклопедії історії України». Куды большая ўвага звернута на сына пераможцы Аршанскае бітвы — Канстанціна Канстанцінавіча Астрожскага. Воляй гісторыі бацьку і сына блыталі здаўна, а пасля і наагул гаварылі амаль выключна пра кіеўскага ваяводу, вядомага культурнага дзеяча Канстанціна Канстанцінавіча. Нават ягоны партрэт нярэдка ўважалі за бацькаў.

Яшчэ ў 1897 годзе ў Смаленску выйшла асобнае даследванне пра гетмана К.Астрожскага. Гісторык А.Ярушэвіч пісаў, што славутага князя несправядліва забываюць, ды, узнаўляючы далёкія падзеі, ці не ўпершыню стварыў вобраз гэтага незвычайнага чалавека[2]. Пазней у Вільні невялікую працу пра К.Астрожскага выдаў польскі даследнік В.Харкевіч[3]. У Кіеве і Петраградзе друкаваліся асобныя выданні пра род князёў Астрожскіх[4]. Толькі ў беларускай літаратуры яшчэ не было нічога, прысвечанага вялікаму абаронцу Айчыны.

Дык, можа, ён чужы Беларусі? Якраз жа не! У беларускую гісторыю славуты князь трывала ўвайшоў і паходжаннем, і справамі, і ўсім сваім жыццём. Такія постаці, як Кастусь Астрожскі, складаюць гонар кожнага народа. І яны мусяць вяртацца ў памяць нацыі — нават пасля стагоддзяў забыцця.

Яго сын князь Канстанцін (Васіль) Астрожскі пакінуў аб сабе нашчадкам добрую памяць высакароднымі справамі на карысць Айчыны, асабліва шмат зрабіў для пашырэння асветніцтва на нашых землях. у 2008 годзе ў нашай краіне адзначалі 400-годдзе памяці Канстанціна (Васіля) Астрожскага.

100px-Herb_OstrogskiПаводле адной з гіпотэз, род Астрожскіх паходзіў ад турава-пінскіх князёў. З кан. 14 ст. галоўнай рэзідэнцыяй Астрожскіх быў горад Астрог на Валыні. Вайсковую службу К. І. Астрожскі пачаў удзелам у барацьбе з крымскімі татарамі і ў вайне Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім (14921494). У 37-гадовым прызначаны вялікім гетманам літоўскім. У 1528, паволе Попісу, выстаўляў са сваіх земляў 426 вершнікаў, т.б. маў каля 41 тыс. падданых. У змаганнях з крымскімі татарамі і маскоўцамі К. І. Астрожскі, згодна з надпісам на надмагіллі, атрымаў 63 перамогі. Асабліва вядомая яго перамога над маскоўскім войскам у бітве пад Оршай на рэчцы Крапіўне (8.9.1514). Абаронца праваслаўя ў ВКЛ, будаваў цэрквы, у т.л. у Вільні. Быў двойчы жанаты з Таццянай з Гальшанскіх за якой яму адышлі вялікія вотчыны (частка Глуска, Гальшан, Раманава з Копыссю і Баранню і інш.) і Аляксандрай з Слуцкіх. Ад першага шлюбу меў сына Іллю, ад другога — Канстанціна-Васіля. Пахаваны ў Кіева-Пячэрскай лаўры.

Меў ва ўладанні 91 город і мятэчка, у т.л. Астрог,Д арагабуж, Гарадзец, Здалбунаў, Красілаў, Палонае, Роўна, Свіцязь, Тураў, Чуднаў і інш., а таксама падараваныя ад вял.князя двары ў Вільні, Менску і Луцку. Падданныя К.І. Астрожскага з 1518 мелі прывілей на бязмытны гандаль на луцкіх таргах і кірмашах.

З 1491 па 1530 год у Астрозе была пабудаваная каменная пяціглавая Багаяўленская царква, Траецкі манастыр. Толькі ў 1507 годзе падарыў Дзерманскаму Траецкаму манастыру рукапіснае Евангелле, пабудаваў у Смалявічах і ўклаў ёй фундуш, ахвяраваў грошы на будаўніцтва Жыдзічынскага манастыра.

У гэтым раздзеле мы плануем напрацягу усяго 2010 года збіраць артыкулы пра гетмана ВКЛ князя Канстанціна Іванавіча Астрожскага. Дасылайце артыкулы, ці спасылкі на электронную скрыню goradnasz@gmail.com ці пакідайце ў каментах!

Нацыя жыве, пакуль у ейнай свядомасці жывуць яе героі. Без іх яна памірае.




Пакінуць адказ

Switch to our mobile site