27 Верасня 2009


Тры сюрпрызы Смалявіччыны

pic5Нядаўна нашаму раённаму Цэнтру дзіцячага турызму і краязнаўства выпала ганаровая місія правесці абласны семінар «Вынікі накірункаў 4-га этапу Усебеларускай турысцка-краязнаучай экспедыцыі «Наш край». Такую пашану Цэнтр заслужыў за пленную працу ў сваёй галіне: на працягу трох год ён традыцыйна займaў прызавыя месцы ў вобласці на падвядзенні вынікаў працы за год. I выканаўчы камітэт па заслугах ацаніў дзейнасць Цэнтра, як вы памятаеце, на так даўно гэтай пазашкольнай установе ўручылі Пераходны чырвоны сцяг. Адказна… Ды і семінар адказны… На Смалявіччыну прыехалі прадстаўнікі з усіх раёнаў Мінскай вобласці, якія курыруюць турысцка-краязнаўчую работу або з’яўляюцца дырэктарамі турыстычных цэнтраў. Таксама былі запрошаны дырэктары экалагічных устаноў ( іх у Мінскай вобласці пяць).

Для шаноўных гасцей раённы Цэнтр турызму і краязнаўства, а менавіта дырэктар Цэнтра Марына Аляксандраўна Мішчанка, Валянціна Аляксееўна Крэйніна і Ала Мікалаеўна Саскавец, дырэктар Раённай станцыі юных натуралістаў Таццяна Мікалаеўна Іванова сумесна з установамі адукацыі падрыхтавалі цікавую і насычаную праграму. Першы сюрпрыз чакаў у гімназію №1 нашага горада. Тут і адбылося адкрыццё семінара. Словамі прывітання і, падводзячы вынікі за год, распачала яго начальнік абласнога аддзела арганізацыйна-метадычнага забеспячэння турысцка-краязнаўчай і эколага-натуралістычнай работы ВМК Зоя Аляксандраўна Новікава. Яе выступленне працягнула выконваючая абавязкі начальніка Смалявіцкага аддзела адукацыі Марыя Максімаўна Сашчанкава. Яна распавяла, як адбываецца удасканаленне ідэйна-выхаваўчай работы, развіццё ўсіх форм пазашкольнай працы і прыцягненне вучняў да ўдзелу ў мерапрыемствах, якія праходзяць у рамках Усебеларускай турысцка-краязнаўчай экспедыцыі «Наш край». Потым удзельнікі семінара пабачылі арыенцір-шоў, якое падрыхтавалі кіраўнікі гурткоў Клянніцкай школы настаўнікі В.А. і К.Я. Юрчукі. Затым экспедыцыя накіравалася ў школьны музей імя В.Ф. Купрэвіча. Дарэчы, у нашым раёне створана 12 музеяу на базе 11 школ. Музеі—гэта вынік краязнаўчай дзейнасці у рэгіёне, які спрыяе выхаванню у моладзі патрыятызму і любові да роднага краю. Прыклад гэтаму — музей гімназії. З якой зацікаўленасцю маладыя экскурсаводы, падрыхтаваныя кіраўніком гуртка «Юны экскурсавод» Нінай Іванаўнай Шахмуць і загадчыкам музея Людмілай Аляксандраўнай Лемеш, распавядалі пра свайго славутага земляка, паказвалі рэчы, якія даўно не бачылі зачараваных вачэй наведвальнікаў, бо музей быў закрыты на рэстаўрацыю і толькі да семінара адкрыўся.

Другі сюрпрыз чакаў экспедыцыю ў Верхменскай САШ імя В.А. Тумара. Перад гледачамі разгарнулася цікавае дзеянне, падрыхтаванае Сяргеем Мікалаевічам Лалцёнкам,»Турызм вачыма дзяцей». Былі паказаны асноўныя этапы турзлёта. А потым Ігар Сяргеевіч Лапо разам з Аленай Лявонаўнай Балачынай у мультымедыйнай форме расказалі, як наладжана турысцка-краязнаучая праца у школе. Цікава, што ў гэтай школе аж два музеі і экалагічны куток. Адзін музей баявой славы, а другі— імя Якуба Коласа, візітная картка якога — тэатральная пастаноўка «Прыезд Лабановіча ў школу», якую паказваюць дзеці, падрыхтаваныя Святланай Лявонцьеўнай Лютарэвіч. Ігра дзяцей на дзіва праўдзівая і натуральная, напэўна, месца такое, бо менавіта тут Якуб Колас пісаў раздзелы да свайго рамана «На ростанях»  гэтую ж сцэну, якую паказваюць дзеткі.

Трэцяе дзіва чакала гасцей у агратурыстычным комплексе «Выгода» СВК «Першамайскі і К». Тут прадэманстравалі, як арганічна спалучаюцца дзве супрацьлеглыя структуры — адукацыя і сельская гаспадарка, як удаецца змагацца за захаванне і развіццё народных традыцый, за здаровы лад жыцця. Вялікія магчымасці раскрываюцца перад вучнямі Варатоўскай школы, якія могуць выкарыстоўваць адкрыты манеж для катання на конях, велатрасы, спартыўную залу з більярдам і настольным тэнісам.

Як бачна, многа цікавага ёсць на Смалявіччыне. І добра, што ўсё гэта не на словах. Думаю, гасцям спадабалася і многа карыснага вынеслі яны з гэтага семінара. Неабходна далей удасканальваць турысцка-краязнаўчую і эколага-натуралістычную работу сярод вучняў і моладзі, паглыбляць тэарэтычныя веды і практычныя ўменні па краязнаўству і ўдасканальваць накірункі дзейнасці экспедыцыі «Наш край», звяртаючы асаблівую ўвагу на рэгіянальныя асаблівасці.

Юлія ДАВЫДЗІК


Катэгорыя: Пра Смалявічы



Пакінуць адказ

Switch to our mobile site